Ю́РСКАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), юра,
другая сістэма мезазойскай эратэмы (эры), адпаведная другому перыяду мезазойскай эры геал. гісторыі Зямлі (гл. Геахраналогія). Падсцілаецца адкладамі трыясавай сістэмы (перыяду), перакрываецца пародамі мелавой сістэмы (перыяду). Назва паходзіць ад гор Юра (Францыя, Швейцарыя). Пачалася каля 195 млн. гадоў назад, працягласць каля 58 млн. гадоў. Ю.с.(п.) у сучасным аб’ёме вылучана ў 1822 ням. вучоным А.Гумбальтам пад назвай «юрская фармацыя» ў гарах Юра (Швейцарыя), Швабскі і Франконскі Альб (Германія). Першая схема яе стратыграфічнага расчлянення распрацавана рус. геолагам К.Ф.Рулье (1845—49) у Падмаскоўі. Ю.с.(п.) падзяляецца на З аддзелы (эпохі) — ніжні, сярэдні і верхні і 11 ярусаў (вякоў). На Беларусі першая стратыграфічная схема распрацавана І.В.Міцянінай (1955—75), дзе юрскія адклады прадстаўлены сярэднім (баёскі, бацкі, келавейскі ярусы) і верхнім (оксфардскі ярус) аддзеламі.
Да пач. юрскага перыяду ў структуры зямной кары адасобіліся 2 вял. кантынент. масівы — Лаўразія і Гандвана, на якіх пераважала суша; яны былі падзелены акіянічным бас. Тэціс. дзе намнажаліся глыбакаводныя адклады. У пач. юры ў марскіх басейнах значна абнаўляецца відавы састаў аманітаў, дасягнулі росквіту белемніты, пашыраны губкі, каралы, марскія вожыкі, рыбы. Сярод наземнай фауны пераважаюць паўзуны вял. памераў, паявіліся лягаючыя яшчары і птушкі, прымітыўныя млекакормячыя. У складзе расліннасці пераважаюць голанасенныя (гінкгавыя, бенетытавыя, хвойныя і інш.), развіты папараці. З юрскімі адкладамі звязаны радовішчы карысных выкапняў нафты, газу, вугалю, аалітавых жалезных руд, фасфарытаў і інш.
На тэр. Беларусі юрскія адклады развіты на ПдУ і крайнім 3 і прадстаўлены сярэднім і верхнім аддзеламі. Сярэдняюрскія адклады дакладна ўстаноўлены толькі ў Прыпяцкім прагіне і прадстаўлены баёскім ярусам (магутнасць адкладаў 0,1—0,3 м, месцамі да 23 м; пясчана-гліністыя пароды), бацкім ярусам (магутнасць да 70 м, некарбанатныя тонкаслаістыя гліны з праслоямі алеўралітаў і сідэрыталітаў, на З і ПнЗ праслоі бурага вугалю) і келавейскім ярусам (магутнасць да 60 м і больш, гліністыя пароды з пясчана-алеўрытавымі праслоямі, мергельныя вапнякі і інш.). У ніжняй ч. сярэдняй юры нярэдка залягае слой гравеліту або галечніку. Верхняюрскія адклады пашыраны ў Прыпяцкім прагіне, Брэсцкай і Аршанскай упадзінах, на зах. схілах Беларускай і Варонежскай антэкліз. Прадстаўлены марскімі адкладамі оксфардскага яруса (магутнасць 80—100 м; карбанатныя гліны і алеўраліты, акамянелыя вапнякі, мергелі, вапняковістыя гліны з рэшткамі аманітаў, пеліцыпод, каралаў і інш.). Кімерыджскі ярус вылучаны ўмоўна (магутнасць да 3 м, вапняковістыя гліны). Карысныя выкапні: паклады бурага вугалю, рудапраяўленні поліметалічных россыпаў, ванадыю і інш.
Літ.:
Геология Беларуси. Мн., 2001.
У.Я.Бардон.
т. 18, кн. 1, с. 216